ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т ЛКСМБ (ЦК ЛКСМБ),

вышэйшы кіруючы орган Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі Беларусі паміж з’ездамі. Выбіраўся на з’ездзе ЛКСМБ. Працаваў пад кіраўніцтвам ЦК ВЛКСМ і ЦК КПБ. Пленум ЦК ЛКСМБ склікаўся не радзей як 1 раз у 4 месяцы, выбіраў Бюро і Сакратарыят ЦК, зацвярджаў заг. аддзелаў і рэдактараў рэсп. камсамольскіх выданняў. Арганізоўваў выкананне рашэнняў ЦК ВЛКСМ і ЦК КПБ, з’ездаў ВЛКСМ і ЛКСМБ, праводзіў паліт., арганізатарскую, ідэйна-выхаваўчую і культ.-масавую работу сярод моладзі. Паміж з’ездамі кіраваў камсам. арг-цыямі рэспублікі, кантраляваў іх дзейнасць, заслухоўваў справаздачы абкомаў, гаркомаў і райкомаў ЛКСМБ, практычна дапамагаў ім у рабоце. ЦК ЛКСМБ размяркоўваў сродкі бюджэту камсамола рэспублікі, сістэматычна інфармаваў і рабіў справаздачы аб сваёй дзейнасці перад ЦК ВЛКСМ, ЦК КПБ і з’ездам ЛКСМБ. На XXX з’ездзе (1991) ЛКСМБ перайменаваны ў Саюз моладзі Беларусі (СМБ) і ўтвораны ЦК СМБ. На XXXI (устаноўчым) з’ездзе (1992) прыхільнікі камуніст. кірунку адрадзілі ЛКСМБ як грамадска-паліт. арг-цыю моладзі і ЦК ЛКСМБ.

т. 17, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)